21 лютага ў свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Ён быў абвешчаны UNESCO 17 лістапада 1999 года.
Cёння у свеце шмат цудоўных моў. Адны з іх вабяць сваёй прыгажосцю і непаўторнасцю, другія – мілагучнасцю. Але ў кожнага чалавека ёсць толькі адна родная мова, якая завецца роднай. Менавіта на гэтай мове ён размаўляе з роднымі, сябрамі, знаёмымі. І вельмі дрэнна, калі чалавек пачынае забывацца на сваю мову, не шануе яе.
Зараз у нашым рознакаляровым і рознагалосым свеце налічваецца больш за шэсць тысяч моваў. Палова з іх пад пагрозай знікнення. Дзеля захавання моў, якія апынуліся на парозе знікнення, міжнародны фонд UNESCO абвясціў дзень роднай мовы — каб хоць у такі дзень на іх загаварылі, пра іх успомнілі.
21 лютага ў дзіцячым садку прайшоў пад дэвізам "Рускай мове дай разгрузку - размаўляй па-беларуску". Было прыемна назіраць, як з самай раніцы выхаванцы віталі адзін аднаго на беларускай мове, жадалі добрай раніцы выхавацелю. У групах былі арганізаваны кніжныя выстаўкі (дзіцячая літаратура беларускіх пісьменнікаў, паэтаў) “Сэрцам краніся роднага слова”. Так сама ў гэты дзень выхаванцы гулялі ў беларускія рухомыя гульні, разглядалі карту Рэспублікі Беларусь, збіралі пазлы пра родныя мясціны сваёй краіны. А яшчэ ў сюжэтна-ролевой гульне “Сустракаем гасцей” знаёміліся з такімі якасцямі беларусаў як гасціннасць, дабрыня, сардэчнасць.










